
Дом-музей Марка Шагала

Легендарны мастак сусветнага авангарда XX стагоддзя Марк Шагал нарадзіўся на Віцебскай зямлі. У спадчыну майстра ўваходзяць жывапісныя палотны, ілюстрацыі да паэзіі Андрэ Брэтона, Блеза Сандрара, Гіёма Апалінэра, афармленне балетаў «Алека» Леаніда Мясіна і «Жар-птушка» Джорджа Баланчына, роспіс парыжскай Оперы Гарнье, а таксама скульптура, кераміка, графіка. Усё жыццё мастак захоўваў трапяткую любоў да роднага горада: яго дахі, храмы, людзі ёсць на кожным шагалаўскім палатне. Віцебскі дом-музей прапаноўвае адну з самых багатых калекцый Шагала ў свеце — больш за 300 арыгінальных графічных работ і рэпрадукцый яго самых вядомых карцін.
Полацк

У Віцебскай вобласці знаходзіцца самы старажытны беларускі горад — Полацк. Полацк упершыню згадваецца ў летапісах пад 862 годам. У горадзе па-над Дзвіной фармавалася беларуская дзяржаўнасць. Полацк падарыў Беларусі і сусвету мноства яркіх гістарычных асоб: легендарнага Усяслава Чарадзея, князя Рагвалода і яго дачку Рагнеду, прападобную Еўфрасінню Полацкую, першадрукара Францыска Скарыну, асветніка і педагога Сімяона Полацкага. У Полацку працуе Нацыянальны гістарычны музей-запаведнік, які налічвае 11 музеяў, і сам горад з мноствам дзіўных гістарычных помнікаў — гэта музей пад адкрытым небам.
Сафійскі сабор

Уяўляе сабой адзін з самых ранніх праваслаўных храмаў у Еўропе. Першы каменны храм у Беларусі ўключаны ў папярэдні Спіс сусветных каштоўнасцяў ЮНЭСКА. Збудаваны ў пачатку першага тысячагоддзя, ён увасабляў незалежнае і магутнае княства Полацкае.
Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры»

Парк плошчай больш за 70 тыс. гектараў аб'ядноўвае вялікія і маленькія азёры з мудрагелістымі берагамі, ледавіковыя ўзгоркі і лясныя масівы, дзе расце звыш 1900 відаў раслін, і якiя насяляе больш за 300 відаў жывёл. Тут таксама можна ўбачыць такіх рэдкіх птушак, як вялікі бугай, белы журавель і чорны бусел.
Бярэзінскі біясферны запаведнік

Найстарэйшы сярод прыродаахоўных аб'ектаў Беларусі — Бярэзінскі біясферны запаведнік — створаны ў 1925 годзе. Унікальныя экасістэмы прыцягваюць сюды тысячы турыстаў. У 1979 годзе запаведнік увайшоў у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў ЮНЕСКА, з 2005-га — уключаны ў Міжнародную экалагічную сетку, у 2010-м — у Рамсарскі спіс водна-балотных угоддзяў
Запаведная тэрыторыя займае звыш 80 тысяч га і ўключае разнастайныя тыпы лясоў, балот, залiўных лугоў, азёр і рэк. Тут растуць больш за 2 тысячы відаў раслін (78 з Чырвонай кнігі Беларусі), насяляюць дзясяткі відаў млекакормячых і сотні птушак. Бярэзінскі запаведнік — адзінае месца i ў Беларусі, і ў Еўропе, дзе можна ўбачыць адразу ўсіх прадстаўнікоў «еўрапейскай пяцёркі» — зубра, мядзведзя, рысь, ваўка і лася.